МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,
група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.
Т.С.Скрыпчанка.
т. 11, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)